29 марта 2024, 13:59
RU BE EN
logo

Чериковский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

Адрес: 213533, г.Чериков, ул. Болдина, 31
Приемная: 8 (02243) 7-92-86
E-mail: rik@cherikov.gov.by
Режим работы: пн-пт. 8.00-13.00, 14.00-17.00
Вторник, 18 февраля 2020 16:25

Тыдзень роднай мовы пачаўся ў Магілёўскай вобласці

Тыдзень роднай мовы пачаўся ў Магілёўскай вобласці

Шмат розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы, запланавана правесці ў Магілёўскай вобласці. На працягу тыдня будуць праходзіць творчыя сустрэчы пісьменнікаў з моладдзю, паседжанні ў бібліятэках, школах.

Так, Магілёўскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» сумесна з абласной бібліятэкай 20 лютага для чытачоў правядуць літаратурны марафон «Сэрцам роднага слова краніся». На свята запрасілі людзей самага рознага ўзросту і прафесій. Прысутныя пачуюць вершы ў выкананні паэтаў Алеся Казекі, Валянціны Габрусевай, Жанны Усцінавай, Віктара Арцем’ева, Уладзіміра Ясева, Марыны Сліўко, Алёны Беланожка, Віктара Кунцэвіча, Алены Кісель. У літаратурным марафоне прымуць ўдзел члены літаратурнага аб’яднання «Ветэран» Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў, члены клуба ЮНЭСКА «Кантакт» ДУДА «Цэнтр творчасці «Эверэст» г.Магілёва, удзельнікі тэатральнай студыі «В точку!» ДУА «Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў № 1».

Адбудуцца сустрэчы пісьменнікаў у гарадскіх бібліятэках і школах Магілева. 20 лютага у бібліятэцы-філіале № 9 імя Я.Купалы пройдзе творчая сустрэча «З любоўю да роднай мовы» з удзелам Вольгі Бяловай. 21 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 9 адбудзецца творчая сустрэча «Талент творчага ўзлета» з Валянцінай Габрусевай. У бібліятэцы-філіале № 2 імя І. Шамякіна запланавана паэтычная рапсодыя «Багата, родная ты мова» з Алёнай Беланожка. Навучэнцы школ сустрэнуцца з Жаннай Міус ў дзіцячай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна.

У раённых бібліятэках і навучальных установах раёнаў у мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы, прымуць ўдзел пісьменнікі Магілёўскага аддзяленя СПБ: Мікола Падабед (Бялыніцкі раён), Мікола Леўчанка (Быхаўскі раён), Наталля Ніканчук (Горацкі раён), Мікола Мінчанка (Клімавіцкі раён), Аляксандр Балдоўскі (Крычаўскі раён), Мікола Салаўцоў (Чавускі раён), Уладзімір Харлантьеў і Рыгор Лазуркін (Шклоўскі раён). Яны не толькі прачытаюць свае творы на роднай мове, але і будуць весці гутарку з прысутнымі пра Радзіму, любоў да роднага краю, пра неабходнасць вывучэння беларускай мовы.

У Кіраўскай раённай бібліятэцы 21 лютага старшыня Магілёўскага аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алесь Казека правядзе літаратурныя сустрэчы «Слова да роднай зямлі» з працаўнікамі сацыяльнай сферы і вучнямі старэйшых класаў сярэдніх школ №№ 1 і 2.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса Магілёва сумесна з Магілёўскай гарадской арганізацыяй «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» 21 лютага адбудзецца дыктоўка «Прага да ведаў», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Праверыць сваю пісьменнасць і напісаць дыктоўку па беларускай мове змогуць усе жадаючыя. Дыктоўка пачнецца ў 16.00. Працы ўдзельнікаў праверыць прафесійны філолаг. Арыгінал тэксту і вынікі будуць размешчаны на сайце бібліятэкі. Папярэдні запіс абавязковы (па тэлефоне 22 95 78). Таксама на працягу дня можна будзе прыняць удзел у турніры знаўцаў роднай мовы «Такія знаёмыя назвы і словы, такая цудоўная родная мова», пазнаёміцца з выставай «Беларуская кніга: рэпертуар для моднага чытання», адказаць на пытанні тэста на пісьменнасць «Пішы па-беларуску» на сайце бібліятэкі.

23 лютага ў Палацы культуры вобласці таксама адбудзецца «Беларуская дыктоўка-2020», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы (пачатак ў 13.00). Адчуць прыналежнасць да нашай цудоўнай мовы змогуць усе ахвочыя. Пасля заканчэння дыктоўкі ўсім удзельнікам прапануюць паглядзець прэм’еру літаратурна-музычнай імпрэзы «Беларускі каляндар», якую падрыхтавалі фальклорны гурт «Покліч» і народны тэатр і дзіцячая студыя тэатральнага мастацтва Палаца культуры вобласці. У аснове сюжэту — вершы паэтаў пра сезоны года і найбольш значныя святы, абрады, шматлікія вуснапаэтычныя творы, што раскрываюць спецыфіку абрадавых дзеянняў і атрыбутаў беларусаў. Імпрэза разлічана на шырокае кола гледачоў. Пачатак у 14.00. Уваход вольны.

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але ў гэты дзень галоўным аб`ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская. Эксперты лічаць, што сёння яна праяўляе даволі высокую ступень жыццёвасці, актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку, напрыклад у інтэрнэт-прастору, і гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Але не адмаўляюць даследчыкі і тое, што існуе відавочная праблема з шырокім выкарыстаннем беларускай мовы ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны яна не з`яўляецца пастаянным сродкам зносін, а ў выніку звужаецца неабходнае для яе развіцця асяроддзе.

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

mogilev-region.gov.by



Разработка и сопровождение
Государственное предприятие «МОЦИС», г.Могилев

Статистика посещений сайта

© 2019-2024
Чериковский районный исполнительный комитет
Официальный сайт